Хто зможа вучыцца дома?

22.07.2022
1 верасня ўступіць у сілу пастанова Міністэрства аховы здароўя, у якой пашыраны пералік медыцынскіх паказанняў для надомнага навучання.

Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале pravо.by

Новы пералік медыцынскіх паказанняў для навучання дома прывялі ў адпаведнасць з міжнароднай класіфікацыяй хвароб і падзялілі на тры групы: для дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, а таксама для прафесійна-тэхнічнай і дадатковай адукацыі дарослых. 

Так, калі раней надомнае навучанне маглі прапанаваць тым, хто пакутуе на цукровы дыябет I тыпу, то ў новым дакуменце пазначана, што дома змогуць навучацца і тыя, у каго дыягнаставаны цукровы дыябет II тыпу. 

У дачыненні да некаторых хвароб, якія дыягнаставаны ў вучняў, змянілі тэрміны для магчымасці навучання дома. Калі раней надомнае навучанне школьнікаў, якія пакутуюць на злаякасныя новаўтварэнні, працягвалася паўгода з моманту завяршэння лячэння, то пашыранай пастановай вызначаны новыя тэрміны. З новага навучальнага года такія дзеці змогуць вучыцца дома на працягу года пасля на­ступлення рэмісіі. Калі былі дыягнаставаны злаякасныя новаўтварэнні крывятворнай, лімфоіднай і роднасных ім тканак, то надомнае навучанне бу­дзе працягвацца да заканчэння падтрымліваючай імунасупрэсіў­най тэрапіі.

Яшчэ адно новаўвя­дзенне тычыцца вучаніц, у якіх нарадзіліся дзеці. Папярэдняя рэдакцыя дакумента дазваляла пасля родаў вучыцца дома не больш за 70 дзён. Сёння такая магчымасць даецца на тэрмін 6 месяцаў.

Дарэчы, у выпадку цяжкага цячэння каранавіруснай інфекцыі, пнеўманіі, грыпу і іншых рэспіраторных інфекцый можна будзе вучыцца дома паўгода. Наступствы каранавіруса, дарэчы, уключаны ў дакуменце ў пералік хвароб органаў дыхання. Калі ў навучэнцаў у медыцынскім заключэнні значыцца хвароба Крона альбо язвавы каліт, то арганізаваць надомнае навучанне таксама можна.  

Увогуле, у школах праграма навучання надомнікаў мала чым ад­розніваецца ад звычайнай. Выключэннем з’яўляецца толькі тое, што па некаторых прадметах зменшана колькасць га­дзін. Таксама ў школьным раскладзе тых, хто вучыцца дома, няма фізкультуры і працоўнага навучання. Выпускныя экзамены дзеці, што вучацца дома, не здаюць: адзнакі ў атэ­стаце выстаўляюцца па выніках гадавых адзнак.

Наталля САХНО.
Па матэрыялах: "Настаўніцкая газета

22.07.2022 23:06 - 22.07.2022 23:06

поделиться в: