Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі)

30.06.2023

Дата 3 ліпеня ўвайшла ў гісторыю Беларусі яркай старонкай гераічнай доблесці беларускага народа. У гэты дзень у 1944 годзе Мінск быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Дзень Незалежнасці Беларусі сёння – гэта, перш за ўсё, дзень памяці ўсіх тых, хто на палях бітваў і ў тыле цаной асабістага жыцця змагаўся за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Тых, хто ў пасляваенны час уздымаў нашу дзяржаву з руін, будаваў заводы і фабрыкі, дамы, дзіцячыя сады і школы.

У гонар іх памяці 3 лiпеня па ўсёй краіне праводзяцца масавыя ўрачыстасці і гулянні. Адкрыюць свята традыцыйныя ўскладанні вянкоў і кветак на Кургане Славы і да манумента Перамогі. У Мінску будзе працаваць дзевяць ваенна-патрыятычных пляцовак. Гасцей святочных мерапрыемстваў чакаюць конкурсы, выставы ўзбраення і ваеннай тэхнікі, паказальныя выступленні, канцэрты і іншыя актыўнасці, а тых, хто прагаладаўся, беларускія вайскоўцы пачастуюць салдацкай кашай.

Праграмай свята запланаваны канцэрныя праграмы «Славім імя тваё – Беларусь» (каля Палаца спорту) і гала-канцэрт «Формула свету» (каля стэлы «Мінск – горад-герой»).

Скончацца мерапрыемствы агульнарэспубліканскай акцыяй «Спяваем гімн разам» і святочным феерверкам, які ў 23:00 расквеціць неба ў горадзе-героі Мінску, Брэсцкай крэпасці-героі, абласных гарадах.

Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі) – гэта ўвасабленне повязі пакаленняў і іх плённай працы, сімвал міру, росквіту і дабрабыту на нашай зямлі.

Са святам, паважаныя суайчыннікі!

Па матэрыялах сайта adu.by

01.07.2023 00:20 - 01.07.2023 00:20